Крэдытныя карткі беларусаў будуць заблакаваныя з 28 ліпеня

Забарона на валютныя крэдыты для фізічных асобаў, якая ўступіць у сілу з 28 ліпеня, створыць праблемы для ўладальнікаў крэдытных картак. Як паведамляе АФН, з гэтага дня беларускія банкі заблакуюць аперацыі па крэдытках. 
Блакаванне азначае, што ўладальнікі крэдытных картак не змогуць з заўтрашняга дня ажыццяўляць разліковыя аперацыі з гэтымі карткамі, у тым ліку здымаць наяўную валюту ў банкаматах.

Больш за тое, уладальнікам цяперашніх крэдытак давядзецца звярнуцца ў свае банкі, каб падпісаць новую дамову і, хутчэй за ўсё, атрымаць новую картку. Наколькі ў часе расцягнецца блакаванне і, адпаведна, перападпісанне дамоваў, у беларускіх банках адказаць не могуць.

Пакуль што ні ў Нацбанку, ні ў камерцыйных банках не змаглі растлумачыць, што чакае ўладальнікаў беларускіх крэдытак, якія цяпер знаходзяцца па-за межамі краіны ў разгар адпачынкаў.