Крымінальнай справы з нагоды смерці Яны Паляковай не будзе

Салігорская пракуратура адмовілася пачынаць крымінальную справу паводле факту самагубства праваабаронцы Яны Паляковай. Пра гэта інфармуе Радыё Свабода. Прыкметаў таго, што Яну Палякову давялі да самагубства, не знойдзена, заявіў супрацоўнік пракуратуры.

Нагадаем, праваабаронца Яна Палякова скончыла жыццё самагубствам у ноч на 7 сакавіка ў сваёй кватэры ў Салігорску. За 3 дні да таго Салігорскі суд прызнаў жанчыну вінаватай у ілжывым даносе на супрацоўніка міліцыі і асудзіў на 2,5 года “хіміі”. Яна Палякова вінаватай сябе не прызнала і пасля суду сказала знаёмым, што ніколі не будзе зэчкай.