Латвія і Беларусь рыхтуюцца да гандлёвых войнаў

Беларусь прыняла рашэнне аб павелічэнні тарыфаў на імпартаваныя ў краіну тавары. Латвійскі МЗС ацэньвае магчымыя наступствы і рыхтуецца да адпаведных дзеянняў.
"Латвія як суседка Беларусі вельмі занепакоеная рашэннем аб узняцці тарыфаў на імпартаваныя тавары. Увядзенне мераў пратэкцыянізму, асабліва для Латвіі, сумежнай дзяржавы, стварае пагрозу даўжэйшага выхаду з крызісу, які можна пераадолець толькі разам і захоўваючы рынкі адкрытыміі", - заявіў прэс-сакратар МЗС Івар Ласіс.

У адказ МЗС Латвіі гатовы заняць цвёрдую пазіцыю. "Цяпер адказныя латвійскія інстанцыі ацэньваюць уплыў прынятага Беларуссю рашэння на лёс пэўных латвійскіх прадпрыемстваў", - заявіў Ласіс.

23 красавіка Аляксандр Лукашэнка выдаў указ аб падвышэнні мытаў на шэраг імпартаваных спажывецкіх тавараў.  Паводле распараджэння, у бліжэйшыя 9 месяцаў тарыф за ўвезеныя на тэрыторыю дзяржавы лядоўні складзе 25% ад мытнага кошту, на пыласосы і DVD-прайгравальнікі - 30%, тэлевізары - 40%, прадукты харчавання і віно - да 30%, а на вопратку - 25%. Паднятыя тарыфы таксама і на будматэрыялы і санітарна-тэхнічныя вырабы.

Рэгнум