Лазавік: Палата прадстаўнікоў хутка перагледзіць выбарчае заканадаўства

Як запэўніў Еўрарадыё сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік, новая рэдакцыя Закону аб выбарах будзе разгледжаная і ўхваленая ў найбліжэйшы час. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў ужо рыхтуе законапраект аб зменах у выбарчым заканадаўстве краіны.

Мікалай Лазавік: “Так як выбары ў красавіку, то да красавіка павінен быць прыняты Закон аб унясенні зменаў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства. Адпаведна, на гэтай бягучай сэсіі Палаты прадстаўнікоў гэты Закон павінен быць разгледжаны ў двух чытаннях, ён павінен прайсці Савет Рэспублікі, экспертызу ў Канстытуцыйным Судзе і павінен быць падпісаны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. То бок тут ужо часу на разгойдванне не выдзяляецца — адразу трэба працаваць. Я думаю, што вось літаральна з учорашняга дня Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, які і будзе распрацоўваць гэты праект, ужо, напэўна, распачаў працу”.

Змены ў айчынным заканадаўстве прадыктаваныя рэкамендацыямі працоўнай групы АБСЕ і з’яўляюцца адной з абавязковых умоваў, выстаўленых Брусэлем афіцыйнаму Мінску. Найперш еўрапейцы настойваюць на спрашчэнні і дэмакратызацыі працэдур назірання за выбарамі і датэрміновага галасавання.


Фота — Радыё "Свабода"