Лазавік: Скарга Кастусёва не падлягае разгляду Вярхоўным судом

Скаргу Кастусёва ў Вярхоўны суд з просьбай перагледзець вынікі выбараў у ЦВК лічаць бесперспектыўнай, паведамляе БелаПАН.

На думку сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка, скарга Кастусёва не падлягае разгляду Вярхоўным судом. "Рашэнне Цэнтрвыбаркама аб прызнанні вынікаў выбараў абскарджвацца ў Вярхоўным судзе не можа. Гэта не прадугледжана выбарчым заканадаўствам", — сказаў ён.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў лічыць, што апошняй інстанцыяй у справе прызнання выбараў павінен быць нават не Вярхоўны, а Канстытуцыйны суд. "Нават калі зараз фармальна адсутнічае магчымасць абскарджання рашэння ЦВК аб прызнанні вынікаў сапраўднымі, то такое права на практыцы павінна існаваць. Цяжка прадугледзець, чаму Цэнтрвыбаркам павінен з'яўляцца апошняй інстанцыяй у справе падліку галасоў, калі ён сам жа ім займаецца", - кажа Пастухоў.