Лідар гурта "Бумбокс" трапіў пад мінамётны абстрэл
Андрэй Хлыўнюк / instagram
Лідар украінскага гурта "Бумбокс" Андрэй Хлыўнюк трапіў пад мінамётны абстрэл. Музыка паранены ў твар, але адчувае сябе добра.
"Для маіх расійскіх слухачоў. Вось з якімі нацыстамі вы ваюеце, ідыёты", — пракаментаваў сітуацыю музыкант.
З пачатку вайны Андрэй Хлыўнюк уступіў у атрады тэраабароны.
"Калі не трэба больш адказваць на пытанне: "Якія Вашы творчыя планы?"", — падпісаў у insagram фота музыка, дадаўшы, што атрымаў зброю.
Яго сольнае выкананне ў цэнтры Кіева ўкраінскай народнай песні "Червона калина" натхніла паўднёваафрыканскага музыканта The Kiffness.
"Андрэй Хлыўнюк спыніў турнэ па ЗША, каб абараніць сваю краіну ад Пуціна. Спявак дазволіў мне зрабіць рэмікс на нядаўняе відэа, дзе ён спявае ўкраінскую народную песню", — напісаў The Kiffness у сацсетках пра лідара гурта "Бумбокс". Відэа сабрала больш за 3,5 мільёны праглядаў. Грошы, атрыманыя з праглядаў, і ахвяраванні слухачоў ідуць на падтрымку Узброеных Сіл Украіны.