Літва перадасць Беларусі лічбавыя копіі дакументаў часоў ВКЛ

Лічбавыя копіі дакументаў часоў Вялікага Княства Літоўскага перадасць Літва Беларусі. Пра гэта, па звестках БЕЛТА, паведаміў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка пасля сустрэчы з міністрам культуры Літвы Арунасам Гелунасам. 
Латушка расказаў і пра планы аднаўлення Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, фонды якога расцярушаныя па некалькіх музеях. Па словах міністра культуры, Беларусь афіцыйна звернецца да літоўскага боку з просьбай пра лічбавыя копіі дакументаў. Ён выказаў надзею на тое, што літоўскі бок дадатна паставіцца да гэтай просьбы.

Міністр культуры Літвы, у сваю чаргу, не выключае магчымасці сумеснага аднаўлення архітэктурнай спадчыны ВКЛ. На яго думку, гэта найважнейшая задача, над якой у перспектыве павінны працаваць Беларусь і Літва.

Арунас Гелунас таксама запэўніў, што асабіста зоймецца пытаннем аднаўлення Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.