Лонданскі “Арсенал”, за які выступае Глеб, скаціўся на трэцяе месца

Няўдала выступае ў апошніх матчах англійскай Прэм’ер-лігі лонданскі “Арсенал”, за які гуляе беларус Аляксандр Глеб.  Пасля серыі нічыіх, у гасцявым матчы 31-га тура супраць “Чэлсі” “кананіры” не здолелі ўтрымаць мінімальную перавагу і прайгралі з лікам 1:2. “Манчэстар Юнайтэд” на сваім полі разграміў “Ліверпуль” – 3:0.

Цяпер у “МЮ” 73 ачкі і ён упэўнена лідыруе. “Чэлсі” выйшаў на другое месца з 68 ачкамі. У “Арсенала” толькі 67 ачкоў і трэці радок у турнірнай табліцы.