Лукашэнка 11 чэрвеня паляціць у Маскву

Аляксандр Лукашэнка прыедзе з аднадзённым візітам у Маскву ў пятніцу, 11 чэрвеня. Пра гэта газеце "Ведомости" паведаміў чыноўнік адміністрацыі расійскага прэзідэнта. Сустрэча хутчэй за ўсё адбудзецца позна ўвечары, пасля вяртання Мядзведзева з Ташкента, дзе ён паўдзельнічае ў саміце ШОС. Нагадаем, што ў панядзелак з ініцыятывы Мінску адбылася тэлефонная гутарка кіраўнікоў Беларусі і Расіі. Лукашэнка і Мядзведзеў дамовіліся, што ў бліжэйшыя дні беларускі кіраўнік прыедзе ў Маскву абмяркоўваць перспектывы Мытнага саюзу.

Тры тыдні таму Мінск адмовіўся падпісаць дакументы, неабходныя для таго, каб з 1 ліпеня запрацаваў адзіны для Расіі, Беларусі і Казахстана Мытны кодэкс.

Расійскія крыніцы мяркуюць, што 11 чэрвеня могуць быць знятыя перашкоды на шляху да паўнавартаснага ўступлення Беларусі ў Мытны саюз.