Лукашэнка атрымае вышэйшую ўзнагароду Венесуэлы

У часе двухдзённага візіту кіраўніка Беларусі ў Венесуэлу плануецца падпісаць цэлы пакет дакументаў, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы, якія рэгламентуюць супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы. Таксама мяркуецца, што А.Лукашэнка атрымае вышэйшую ўзнагароду Венесуэлы — ордэн Вызваліцеля (Лібертадора). Выключнае права на ўзнагароджванне гэтым ордэнам належыць прэзідэнту краіны Уга Чавесу.

Праграмай візіту кіраўніка Беларусі ў лацінаамерыканскую краіну прадугледжаны ўдзел у цырымоніі адкрыцця сумеснага беларуска-венесуэльскага прадпрыемства па здабычы нафты ў даліне ракі Арынока. Паводле планаў, у рамках гэтага прадпрыемства ўжо ў наступным годзе Беларусь здабудзе каля 1 млн. тон нафты, якую збіраецца рэалізоўваць праз венесуэльскія кампаніі ў трэція краіны, паведамляе Інтэрфакс.