Лукашэнка: Гарбаціцца перад Еўрапейскім саюзам мы не намераныя

Беларусь гатовая зрабіць для Еўрасаюза больш, чым Еўрасаюз для Беларусі. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада ў інтэрв'ю італьянскай газеце La Stampa. "Мы для вас гатовыя сёння зрабіць больш, чым вы для нас. Мы гатовыя, у нас ёсць такая магчымасць. Але паўзці на каленах, гарбаціцца перад Еўрапейскім саюзам мы не намераныя", — цытуе БелаПАН словы Лукашэнкі.

"У нас няма той сітуацыі, каб мы, дрыжучы ў каленках або ўсім целам, беглі ў Еўрапейскі саюз. Мы вам прапаноўваем супрацоўніцтва. Калі ў вас ёсць цікавасць да свайго цэнтра Еўропы, калі ў вас ёсць цікавасць да беларускай дзяржавы, да тых праблем, якімі мы жывем, калі ласка, прыязджайце. Мы да вас будзем прыязджаць, будзем супрацоўнічаць. Калі ў вас гэтай цікавасці няма, то ніхто вас не прымусіць у гэтым напрамку дзейнічаць. І гэта я выдатна разумею. Я жа не першы год прэзідэнтам. Але прадстаўляць сваю дзяржаву я буду годна, як гэта робіць, дарэчы, ваш прэм'ер Сільвіё Берлусконі", — заявіў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі добрыя адносіны з Расіяй. "У нас у свеце няма больш такой дзяржавы, з якой бы ў нас былі такія адносіны, як з Расіяй, такога ўзроўню адносіны, як з Расіяй. Хоць праблем таксама хапае", — сказаў беларускі кіраўнік.

Нагадаем, што 30 лістапада Беларусь наведае прэм'ер-міністр Італіі Сільвіё Берлусконі.