Лукашэнка і Мядзведзеў сустрэнуцца сёння ў Маскве

Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў сустрэнуцца сёння ў Маскве ў межах пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. На разгляд прэзідэнтаў выносіцца 17 пытанняў.

Сярод тэм абмеркавання — сумесныя дзеянні па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, балансы па паліўна-энергетычных рэсурсах і іншых найважнейшых відах прадукцыі, праграма супрацоўніцта ў ваенна-тэхнічнай сферы, фарміраванне Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана і іншыя.

Па неафіцыйнай інфармацыі, на зацвярджэнне прэзідэнтаў будзе прадстаўлены праект сумеснай праграмы супрацоўніцтва ў паліўна-энергетычным комплексе. Ён прадугледжвае падрыхтоўку міжурадавага пагаднення аб удзеле расійскіх кампаній у капітале беларускага прадпрыемства "Нафтан".

БелаПАН