Лукашэнка: Нараджэнне Хрыстовае вучыць міласэрнасці і чалавекалюбству
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў хрысціян Беларусі, якія святкуюць Нараджэнне Хрыстовае 25 снежня.
"Для ўсіх хрысціян Нараджэнне Хрыстовае з'яўляецца крыніцай веры, чысціні і шчырасці, вучыць міласэрнасці і чалавекалюбству, а значыць, дапамагае рабіцца лепшымі, больш гуманнымі і справядлівымі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гэты цудоўны час натхняе на здзяйсненне добрых спраў, на чуласць і ўвагу да ўсіх, хто мае патрэбу ў спагадзе, дапамозе і клопаце".
У віншаванні таксама адзначаецца: "У Беларусі, дзе спрадвеку побач жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў, Нараджэнне Хрыстовае набывае асаблівы сэнс як сімвал згоды і паразумення паміж людзьмі".
"У такія дні мы асабліва выразна ўсведамляем, што мір і спакой народнай зямлі залежаць ад нас саміх. Толькі разам, аб'яднаўшы намаганні, мы зможам захаваць дабрабыт у агульным беларускім доме, зрабіць яго яшчэ багацейшым і прыгажэйшым", — гаворыцца ў віншаванні, паведамляе БелаПАН.