Лукашэнка ў Аператыўна-аналітычным цэнтры: Недатыкальных ў нас няма (відэа)
Кіраўнік дзяржавы ў пятніцу наведаў ААЦ і зрабіў шэраг заяваў.
Лукашэнка заявіў, што чакае ад цэнтра больш глыбокай і якаснай інфармацыі па пытаннях барацьбы з карупцыяй, пра сітуацыю ў эканоміцы і нават ў "канкрэтных арганізацыях".
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў, навошта спатрэбілася новая спецслужба, якая дзейнічае ўжо пяць гадоў: "Новыя пагрозы і выклікі часу, найперш звязаныя з барацьбой з карупцыяй у вышэйшых эшалонах улады і забеспячэннем інфармацыйнай бяспекі дзяржавы, запатрабавалі стварэння інтэлектуальна моцнай, мабільнай і незалежнай ад карпаратыўных інтарэсаў і знешняга ціску структуры".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, перад ААЦ была пастаўлена задача "пастаянна трымаць руку на пульсе жыцця краіны", забяспечваць яго аб'ектыўным аналізам і прагнозам развіцця сітуацыі, аператыўна выяўляць праблемы, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы.
"Дзякуючы смеласці, прыстойнасці і прафесіяналізму супрацоўнікаў цэнтра цэлы шэраг кіраўнікоў, якія заблыталіся ў брудных справах, бюракратызме і падмане дзяржавы, на ўласным прыкладзе даведаліся — недатыкальных у краіне няма", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.