Лябедзька пагадзіўся памяняць платформу АДС на праграму кандыдата

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама Станіслаў Багданкевіч і Ганна Ягорава замест платформы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў апублікуюць у газеце “Рэспубліка” свае ўласныя праграмы.
Нагадаем, дзяржаўнае выданне адмовілася друкаваць платформу АДС, пададзеную ў выглядзе праграм трох кандыдатаў у дэпутаты. Пасля звароту ў Цэнтрвыбаркам, апазіцыйным палітыкам прапанавалі разбіць цэльную платформу на тры асобныя праграмы.

Пра гэта ў размове з Еўрарадыё паведаміў Анатоль Лябедзька.

“У Цэнтрвыбаркаме сказалі, што не трэба раздуваць вогнішча, а гэта пытанне можна вырашыць. Мы адказалі, што калі трэба замяніць платформу на праграмы, то мы гатовыя. Але мы не будзем уносіць карэктывы ў тэкст і драбіць платформу”.


Паводле слоў палітыка, пытанне пра размяшчэнне матэрыялаў у газеце “Рэспубліка” будзе вырашана ў бліжэйшыя гадзіны.