Люсіяна: дзяўчаты танчаць на карнавалах, каб сустрэць каханага

Бразільская танцорка Люсіяна займаецца тым, што танчыць самбу на карнавалах і вучыць іншых людзей цялеснай разняволенасці. Не так даўно Люсіяна прыязджала ў Мінск, каб падтрымаць беларускі клуб капаэйра і даць некалькі семінараў па мастацтве танца самба. Люсія, дзе звычайна танчаць самбу ў Бразіліі?

Гэта танец, які вы можаце танчыць дзе заўгодна! У любым месцы, дзе толькі гучыць музыка. Калі мы кажам пра самбу, то гэта не абавязкова карнавальныя танцы ў дарагіх касцюмах, не! Карацей, самбу можна танчыць, калі вам толькі захочацца, бо пакуль вы танчыце, вы пускаеце ў сваё цела добрую энэргію. Самба – гэта свята чалавечай фізічнай існасці.

Бразільская самба — гэта імправізацыія ці добрая падрыхтоўка?

Ну… самба, хутчэй за ўсё, гэта імправізацыйны танец. Тут вы можаце карыстацца любымі рухамі і цялеснымі малюнкамі. Бо самба — гэта карнавальны танец, а што такое карнавал? Імправізацыя! (Усміхаецца.) Галоўная мэта самбы – самавызначэнне, дзе можна даць выйсце ўсім сваім думкам і эмоцыям. Напрыклад, я, калі нацягваю на сябе касцюм тыгра, то я мушу ўкручваць у свой танец нейкія тыгрыныя павадкі. Разумееш? На карнавале самае галоўнае — гэта здзівіць людзей і калег. Бывае, што я прыходжу на карнавал у нейкім незвычайным касцюме, і калегі мае кажуць: оооо…а я не чакаў, што ты абярэш для сябе менавіта такі вобраз! Цікава, як ты яго вытанчыш? І я танчу (усміхаецца). Карнавал для бразільскага народа — гэта весялосць, шум, разняволенасць і самба, натуральна. Там многа энэргіі, драйву і кахання.

З чаго пачынаецца гісторыя самбы?

Насамрэч, жанчыны прыдумалі самбу (усміхаецца). Жанчыны танчылі пупок да пупка, калі так можна сказаць. То бок, датыкаліся адна да адной сваімі жыватамі. Калі ўявіць сабе менавіта такую мадэль танца, то ў вас і атрымаецца самба.

А мужчыну, напрыклад, спакусіць самбай атрымаецца?

Калі жанчына жадае спакусіць мужчыну, яна мусіць паказаць усю сваю жаночую прыгажосць. То бок, заахвочваць мужчыну не толькі усмешкай ці вачыма, але і рухамі свайго цела. Цела прываблівае мужчыну заўсёды, і сваім целам жанчына можа паказаць мужчыну, што яна ставіцца да яго добразычліва. Нават калі мужчына вельмі сарамлівы, пры дапамозе рухаў цела яго можна лёгка спакусіць і надаць яму смеласці (усміхаецца).



Хм… якія ж месцы лепш абіраць для дэманстрацыі “рухаў цела”?

Ды якія заўгодна! Вось калі прыедзеце да нас у Бразілію, то раю вам прыпомніць мае парады, якія тычацца самбы. Памятайце, што ў Бразіліі самбу можна танчыць дзе заўгодна — на вуліцы, у кавярні, на пляжы, у адмысловых клубах. У Бразіліі людзі нават цягаюць з сабою магнітафоны, каб танчыць на вуліцы. Ёсць у нас традыцыя так званай “самбы на стале”. Гэта — калі няма музыкі, і людзі выбіваюць рытм на звычайным стале, ну і ўсе вакол танчаць. Ёсць яшчэ “самба надвор’я”. То бок, нехта прыходзіць з малой гітаркай, перкусіяй — і пачынаецца музыка, ствараецца танцавальная атмасфера, надвор’е для самбы. Ёсць “самба шэ” — гэта больш харэаграфічная пастаноўка танца. Самба “Кебрадэйро” — тут больш рухаюцца клубы і жывот. Ну і, нарэшце, самба “Карнавал”. Тут ужо можна дазволіць сабе ўсё, што заўгодна. Забылася на самбу “Эхейду” — гэта танец, дзе выкарыстоўваецца шмат адзення і розных амаль што тэатральных вобразаў. Дарэчы, у Бразіліі існуюць шмат школаў самбы, і ўсе яны спаборнічаюць паміж сабой. Акрамя выключна танца ў нас існуе шмат фестываляў касцюмаў для карнавалу, напрыклад, ці машын з адмысловымі ўпрыгожваннямі. Я да чаго… Пасля кожнага карнавалу ўсе касцюмы і машыны выкідваюць і больш да іх ужо не вяртаюцца. Адразу ж пачынаецца падрыхтоўка да новага свята.

Чаму ты вырашыла займацца самбай?

Я ведала, што такое карнавал і самба з самага маленства. Не буду хлусіць і скажу табе, што дзяўчыны танчаць на карнавалах, каб сустрэць каханага. Падчас танца мы імкнемся да таго, каб знайсці сабе партнёра. Сустрэць чалавека, з якім можна было б звязаць сваю будучыню. Больш за тое, самба дапамагае разняволіцца і адчуць сябе прыгожым чалавекам (усміхаецца). Я шмат выкладала самбу ў Еўропе і бачу, што еўрапейцам гэты танец таксама падабаецца. Асабліва дзяўчатам. Калі жанчына паспрабавала аднойчы, яе ўжо і не спыніш (усміхаецца). Еўрапейскія жанчыны аддаюцца самбе не менш за бразільскіх.

А мужчыны што? Не захапляюцца самбай?

Ха-ха-ха! Мужчыне самба спатрэбіцца, калі ён перакананы халасцяк. Танцуючыя жанчыны абудзяць іх самыя схаваныя пачуцці (усміхаецца).

***
Я дзякую Міле Котцы, якая пазнаёміла нас з Люсіянай, і Сяргею Гураўскаму, які перакладаў нашыя размовы.