Магілёўская халера чалавеку не пагражае

Штам халеры, выяўлены ў дняпроўскай вадзе каля Магілёва, для чалавека не шкодны. Гэта паказалі лабараторныя даследаванні, паведамляе БелаПАН. Як адзначаюць эпідэміёлагі, у невялікай колькасці нетаксігенны ўзбуджальнік халеры заўсёды знаходзіцца ў рацэ. Пасля дажджоў у бруднай цёплай вадзе ўзбуджальнік размножыўся настолькі, што быў заўважаны падчас лабараторных пробаў. Спецыялісты запэўніваюць, што нетаксігенны штам халеры для чалавека бяспечны. Крытычная сітуацыя можа паўстаць, калі гэты ўзбуджальнік уступіць у кантакт з таксігенным штамам: напрыклад, калі ў ваду патрапяць фекаліі хворага чалавека.

Нагадаем, што ў сувязі з патэнцыйнай небяспекай магілёўская санслужба забараніла выкарыстоўваць ваду з Дняпра і купацца ў ім. Акрамя таго, праводзіцца абследаванне хворых на вострыя кішачныя інфекцыі.

На цяперашні час даследаванні вады ў Дняпры праводзяцца двойчы ў тыдзень. Пасля трох пробаў з адсутнасцю ўзбуджальніка халеры прафілактычныя мерапрыемствы будуць спыненыя.