Магілёўскія ўлады ігнаруюць патрабаванне тысяч грамадзян, ачысціць возера
Самае папулярнае месца адпачынку возера Святое ў горадзе зарасло цінай і багавіннем і непрыдатнае для купання.
Паўтара месяца таму 6,5 тысяч магілёўцаў звярнуліся да чыноўнікаў з патрабаваннем спыніць экалагічную катастрофу на Святым возеры, аднак справа так і не зрушылася.
Мясцовыя дэпутаты не далі адказу на калектыўны зварот, а чыноўнікі з гарвыканкама адрапартавалі, што пляж прывялі ў парадак. Толькі ў возеры купацца забаронена.
Адзін з ініцыятараў звароту да чыноўнікаў, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза беларускага Юрый Новікаў, кажа, што вада ў возеры забруджаная з мінулага года, і ніхто гэтую праблему не вырашаў.
“Нават не было шыльдаў, што купацца забаронена. У гэтым годзе сітуацыя зноўку паўтарылася. Таму мы спачатку звярнуліся ў санэпідэмстанцыю, каб даведацца пра якасць вады. Адтуль прыйшоў адказ, што вада забруджаная, і пасля гэтага мы пачалі збор подпісаў, каб чыноўнікі пачалі нешта рабіць”.
Юрый Новікаў лічыць, што прычынай забруджання вады маглі стаць сцёкі ад катэджаў, якія знаходзяцца на супрацьлеглым ад пляжа беразе возера. Людзі маглі зліваць каналізацыю проста ў возера, ад чаго і пагоршыўся стан вады. Навукова-даследчы інстытут воднай гаспадаркі таксама зрабіў забор вады на аналіз, аднак яго вынікі пакуль невядомыя.
Алёна разам са сваім дзіцем прыйшла на возера першы раз сёлета. Яна ў шоку ад убачанага. Замест жадання акунуцца ў прахалодную ваду з'явілася жаданне болей не прыходзіць сюды, кажа яна.
“Я спусцілася да самага возера і ўбачыла балотны бруд, ад якога ішоў запах гнілля. У галаве мільганула думка аб тым, што возера зацвіло. У гэты момант праходзіў мужчына, які мне распавёў, што Святое возера стала Мёртвым возерам. Вакол крычаць качкі і іх качаняты. Людзі з прылеглых дамоў падкормліваюць іх, каб не памерлі з голаду, бо ў возеры вымерла ўся фаўна — няма ні рыбы, нічога!”
Юрый Новікаў рыхтуе чарговыя скаргі ў Магілёўскі аблвыканкам, яго не задавальняюць адпіскі чыноўнікаў, а таксама плануе напісаць скаргу на Магілёўскі гарсавет у Адміністрацыю прэзідэнта.
Падобная сітуацыя адбываецца і з Пячэрскім возерам, якое сёлета таксама закрытае для купання. Прычына тая самая — возера пачало забалочвацца праз нізкую праточнасць вады. Пытанне аб тым, як чыноўнікі будуць вырашаць пытанне з ачысткай магілёўскіх азёр, пакуль застаецца без адказу.
Cпецыяльна для праграмы Кардыяграма