Магілёвец Міхась Булавацкі выдаў кнігу пра “Беларускае пяціборства”

Незвычайны дапаможнік для школьнікаў выдаў выкладчык матэматыкі Міхась Булавацкі. Ён называецца “Каб не ўпадобіцца чыраю, або як арганізаваць і правесці “Беларускае пяціборства””. З-за нястачы сродкаў на друк кнігі, жыхар Магілёву змясціў яе электронны варыянт на сайце nastaunik.info.


“Ідэя правядзення беларускага пяціборства ўзнікла ў 1999 годзе, як рэакцыя на моўны рэферэндум, — распавядае Міхась Булавацкі. — На той момант у Магілёве па-беларуску вучылася 6% школьнікаў, аднак на алімпіядах ім пытанні заўсёды даваліся на рускай мове. Я прапанаваў школьнікам прыйсці на беларускую алімпіяду, папярэдне атрымаў на гэта дазвол адміністрацыі і насуперак чаканню апошняй у першы год ва ўніверсітэт на беларускую алімпіяду прыйшло 27 чалавек, на дзесяты — 42”.


Адметнасцю “Беларускага пяціборства” з’яўляецца тое, што ўсе адказы на пытанні школьнікі мусяць даваць на беларускай мове. Трэба адзначыць, што яно праводзіцца па пяці прадметах — матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і беларускай мове.