Максім Мірны і Эндзі Рам выйгралі стартавы матч турніру ў Лондане

Максім Мірны (13-е месца ў сусветным парным рэйтынгу) і Эндзі Рам (10) з перамогі стартавалі на выніковым тэнісным турніры ў Лондане. 23 лістапада "пасеяны" пад сёмым нумарам беларуска-ізраільскі дуэт з лікам 6:4, 6:4 выйграў у амерыканскіх братоў-двайнят Боба і Майка Браянаў (трэці нумар у рэйтынгу, другі нумар "пасеву"), інфармуе БелаПАН.

Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 3 хвіліны. Статыстыка: эйсы — 8:0 на карысць пары Мірны/Рам, падвойныя памылкі — 2:4, брэйк-пойнты — 3/6:1/2, адсотак выйгрышу першай падачы — 87:71 (другі сэт — 100:69), другой падачы — 45:63.

У першым сэце амерыканцы павялі 2:0, зрабіўшы брэйк у другім гейме — першы і апошні ў матчы. Мірны і Рам зарабілі два брэйк-пойнты запар, вышлі наперад 4:2, а затым выйгралі ўвесь сэт. У другім сэце перамогу беларуса і ізраільцяніна забяспечыў брэйк у першым гейме.

У групе В Мірны і Рам сустрэнуцца таксама з "пасеянымі" пад чацвёртым нумарам чэхам Лукашам Длоўгім (6) і індыйцам Леандэрам Паесам (8), а таксама з "пасеянымі" пад шостым нумарам палякам Лукашам Кубатам (12) і аўстрыйцам Оліверам Марахам (14).

Дзве найлепшыя пары па выніках папярэдніх спаборніцтваў выйдуць у паўфінал.