"Малады Фронт" 29 траўня паспрабуе зарэгістравацца апошні раз

"Малады Фронт" 29а траўня зноў паспрабуе зарэгістравацца. Гэта вырашыў сойм арганізацыі. Апошні раз Мін'юст адмовіўся рэгістраваць арганізацыю за ранейшыя асуджэнні маладафронтаўцаў і праблемы з юрыдычным адрасам.

Цяпер праблема з адрасам вырашаная, а маладафронтаўцы хочуць атрымаць толькі палітычна матываванае рашэнне, каб даказаць, што ў Беларусі існуе своеасаблівая прэзумпцыя вінаватасці. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сябра арганізацыі Іван Шыла.

Шыла: "Мы хочам атрымаць адказ, які будзе ўтрымліваць гэтую прэзумпцыю вінаватасці, бо нават для беларускага заканадаўства гэта будзе прэцэдэнт. Калі гэтым разам нас не зарэгіструюць, я не выключаю, што будзе прынятае рашэнне больш не рабіць спробаў рэгістрацыі, як гэта зрабіла праваабарончая арганізацыя "Вясна". Бо ў нас гэта ўжо восьмая спроба рэгістрацыі, і, па-мойму, будзе відавочна, што адмова ў рэгістрацыі палітычна матываваная".

На з'езд плануецца запрасіць міжнародных гасцей, прадстаўнікоў дыпламатычных місіяў, праваабарончых арганізацыяў. Апрача таго будуць запрошаны прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі. Маладафронтаўцы хочуць, каб тыя патлумачылі, чаму Мін'юст уводзіць прэзумпцыю вінаватасці, паводле якой не рэгіструе арганізацыю.