“Малады фронт” збіраў подпісы за перайменаванне метро “Плошча Леніна”

Актывісты міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” 7 лістапада збіралі ў Мінску подпісы за перайменаванне станцыі метро “Плошча Леніна” ў “Плошчу Незалежнасці”, паведамляе БелаПАН. Са словаў лідэра арганізацыі Змітра Дашкевіча, сваёй акцыяй “Малады фронт” намагаецца прыцягнуць увагу грамадскасці і ўладаў да неабходнасці “дэкамунізацыі краіны”. Дашкевіч лічыць, што галоўная праблема беларусаў — гэта савецкае мысленне. Бальшавісцкая ідэалогія забрала болей жыццяў, чым фашызм за ўсе гады Другой сусветнай вайны, але яна не асуджаная дагэтуль.

“Малады фронт” збіраецца перадаць сабраныя подпісы грамадзянаў у Мінгарвыканкам.  Дарэчы, спробы ўсё ж пераназваць станцыю метро “Плошча Леніна” неаднаразовы рабіліся, у тым ліку з боку гарадскіх уладаў, але ж камуністычнае лобі гэтыя спробы ўвесь час блакавала.