Малдаўская апазіцыя сарвала выбары прэзідэнта краіны

Дэпутаты ад апазіцыйных фракцый у поўным складзе пакінулі залу пасяджэнняў малдаўскага парламента, дзе 20 траўня планавалася абраць прэзідэнта краіны.
У зале засталіся толькі дэпутаты ад кіруючай Камуністычнай партыі, якім для абрання кіраўніка дзяржавы бракуе аднаго голасу, перадае агенцтва “РИА Новости”.

Такім чынам апаненты камуністаў маюць намер выключыць варыянт подкупу або запалохвання аднаго з апазіцыйных дэпутатаў.

Нагадаем, па выніках красавіцкіх парламенцкіх выбараў Партыя камуністаў атрымала большасць мандатаў (60 са 101). Аднак для зацвярджэння кандыдатуры прэзідэнта патрэбна падтрымка як мінімум 61 дэпутата.