Масавае атручванне ў школьнай сталоўцы Брэста

Вучні малодшых класаў сярэдняй школы №7 Брэста масава атруціліся ў сталоўцы. Здарэнне адбылося 9 красавіка. Прынамсі, сямёра вучняў трапілі ў лякарню. Па падліках бацькоў, агулам захварэлі каля 30 дзяцей. Дрэнна адчулі сябе і некаторыя настаўнікі. Галоўны сантарны лекар Брэста Генадзь Радчанка пацвердзіў "Брестскому курьеру", што ў трох вучняў выяўлены інфекцыйны востры гастраэнтэрыт.

Тым не менш, 10 красавіка заняткі ў школе працягваліся. А 12 красавіка ў сувязі з экстрэмальнай сітуацыяй школьная адміністрацыя прыняла рашэнне прадэзінфікаваць школу ўласнымі сіламі. Настаўнікі чысцілі класы і кабінеты, а таксама сталоўку.

Па словах настаўнікаў, у школьнай сталоўцы посуд мые пераважна адна пажылая жанчына, і яна прызналася, што ўжо тыдзень у яе разладжаны страўнік. Мыйшчыцы ў сталовай дапамагалі таксама тэхнічкі. Акрамя таго, у сталоўку нярэдка прыходзілі абедаць працаўнікі ўстановаў, суседніх са школай, напрыклад, "Аблсельбуду".

Пра антысанітарныя ўмовы школьнай сталоўкі настаўнікі ставілі пытанне яшчэ на пачатку навучальнага года, у верасні, на радзе школы. Але тады адміністрацыя не палічыла яго важным.