МАЗ павялічыць выпуск аўтамабіляў да 40—50 тыс. на год

Мінскі аўтазавод будзе выпускаць больш аўтамабіляў. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Касцень. Мяркуецца, што да 2012 года МАЗ павялічыць гадавы выпуск грузавікоў да 40 тыс. Разам з тым, разглядаецца задача перасягнуць гэты ўзровень і выпусціць 50 тыс. аўтамабіляў.

"Канчатковыя лічбы будуць вядомыя да канца траўня. Вядома, павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці запатрабуе дадатковых выдаткаў. Магчыма, частку агрэгатаў спачатку давядзецца купляць у Кітаі або Балгарыі", — адзначыў М.Касцень.

Сёлета МАЗ інвестуе ў развіццё вытворчасці 215 млрд. рублёў і мае намер выпусціць больш за 25 тыс. грузавых аўтамабіляў, 8,5 тыс. прычэпаў, 700 аўтакранаў на год.

Унітарнае прадпрыемства "Мінскі аўтамабільны завод" з'яўляецца адным з найбольшых ва Ўсходняй Еўропе вытворцаў вялікагрузнай аўтатэхнікі, а таксама аўтобусаў, тралейбусаў, прычэпаў.

БелаПАН