Мэнэджэры Radiohead сталі «інаватарамі году»

Мэнэджэры Radiohead Брыс Эдж і Крыс Хафорд атрымалі званне «Інаватараў году» на першай цырымоніі ўручэння прэміі MediaGuardian Awards, якая адбылася 6 сакавіка ў Лондане. Увагу арганізатараў цырымоніі прыцягнуў наватарскі метад распаўсюджвання новага альбома Тома Ёрка і кампаніі «In Rainbows», які быў размешчаны ў Інтэрнэце.

На думку журы цырымоніі, гэты метад кардынальна змяніў сітуацыю ў музычным бізнэсе, прымусіўшы і іншых выканаўцаў задумацца над распаўсюджваннем сваёй музыкі без лэйблаў.

Radiohead вырашылі не раскрываць лічбы паступленняў ад Інтэрнэт-продажаў сваёй кружэлкі, аднак прызнаюць, што прыбытак ад «In Rainbows» перавысіў прыбытак, атрыманы гуртом ад іншых сваіх прац. Нават пры тым, што каля дзвюх трацін карыстальнікаў запампавалі трэкі альбома бясплатна.

Характэрна, што выдадзены праз два месяцы на фізічным носьбіце «In Rainbows» узначаліў амерыканскі і брытанскі чарты.

Паводле словаў журы MediaGuardian Awards, «Radiohead і іх мэнэджары былі адзінымі кандыдатамі на прэмію сёлета. Яны зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў галіне распаўсюду музыкі літаральна за адну ноч. Музычная індустрыя з гэтага часу ўжо не будзе такой як раней, і ўсё гэта дзякуючы Radiohead».

Дадам, што 12 чэрвеня ў Гішпаніі адбудзецца цэлы фэст, прысвечаны Radiohead.

Паводле звестак арганізатараў барселонскага Daydream Festival, сёлета праграма саміту складаецца з выступаў музыкаў і калектываў, якія паўплывалі на творчасць знакамітых брытанцаў або адчулі ўплыў іх творчасці на сабе.

Лайн-ап фэсту пакуль не прыводзіцца, аднак арганізатары ўжо цяпер абяцаюць гледачам «незабыўнае відовішча». Тым больш, што хэдлайнерамі Daydream выступяць самі Radiohead.

Фота: www.theage.com.au