Міхаіл Грабоўскі стаў найлепшым бамбардырам "беларускага дэсанту" ў НХЛ

Хакейныя клубы "Таронта" і "Манрэаль" правялі мінулай ноччу заключныя матчы ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ. "Таронта" на хатняй пляцоўцы ўзяў верх над "Атавай" — 5:2. Праўда, гэты поспех не дазволіў камандзе абыйсці ў турнірнай табліцы Ўсходняй канферэнцыі дружыну са сталіцы Канады. З 81 ачком пасля 82 матчаў "Таронта" застаўся на 12-м радку, саступіўшы "Атаве" 2 балы.

Беларус Міхаіл Грабоўскі ў заключным паядынку сезону папоўніў свой бамбардырскі багаж галявой перадачай. Ён выступіў асістэнтам фіна Нікласа Хагмана, які на 44-й хвіліне закінуў пераможную шайбу, зрабіўшы лік 3:2 на карысць "Таронта".

З 48 (20+28) баламі ў 78 матчах 25-гадовы Міхаіл Грабоўскі стаў найлепшым бамбардзірам "беларускага дэсанту" ў цяперашнім рэгулярным чэмпіянаце НХЛ і чацвёртым па выніковасці ў сваёй камандзе.

Акрамя таго, беларус уваходзіць у тройку самых плённых пачаткоўцаў усёй лігі, саступаючы толькі Бобі Раяну з "Анахайма" – 57 (31+26) ачкоў і Крысу Верстыгу з "Чыкага" – 52 (22+30).

Другое месца ў бамбардырскай спрэчцы "беларускага дэсанту" заняў 24-гадовы форвард "Манрэаля" Андрэй Касціцын. Ён зарабіў 41 (23+18) ачко ў 74 паядынках.

22-гадовы Сяргей Касціцын у 56 матчах цяперашняга сезону зарабіў 23 (8+15) ачкі. Адзначым, што леташні дэбютны чэмпіянат для Сяргея склаўся лепш — 27 (9+18) балаў у 52 сустрэчах.

БЕЛТА