Мікалай Халезін: Я б не пагадзіўся стаць дырэктарам Купалаўскага

Еўрарадыё прапанавала лідэру і мастацкаму кіраўніку "Свабоднага тэатру" Мікалаю Халезіну падагульніць вынікі крызісу, што выбухнуў у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы, і паразважаць над становішчам тэатру ў Беларусі. 
У сваім блогу вы даволі пільна сачылі за крызісам ў Купалаўскім тэатры. Адна з вашых запісаў заканчваецца тым, што калі за тэатр не возьмецца рэанімацыйная каманда, тады хутка мы пабачым яго пахаванне. Што гэта за рэанімацыйная каманда і як яна павінна дзейнічаць?

Для таго каб пачаць рэанімацыйны працэс, патрэбна палітычная воля. Калі гэтай волі няма, а ёсць жаданне замарозіць канфлікт, тады ніякай рэанімацыйнай каманды быць не можа.

Ёсць некалькі варыянтаў каманды, якая магла б выратоўваць. Першы — мабілізаваць лепшыя кадры ўнутры краіны. То бок, абвяшчаць конкурсы, праводзіць кастынгі, каб набіраць спецыялістаў. Ладзіць тэндар на лепшую праграму развіцця нацыянальнага тэатру. Другі варыянт — запрасіць замежнага спецыяліста, як гэта робіцца ў футболе. Гэта досыць распаўсюджаная практыка для крызісных тэатраў: адшукаць спецыяліста за межамі краіны і даць яму карт-бланш. Магчымы і комплексны варыянт, калі шукаецца тэхнічная (рэанімацыйная) служба тут і хтосьці запрашаецца з-за мяжы.

Ці можа чымсьці дапамагчы тэатру сустрэча акцёраў трупы з Адміністрацыяй прэзідэнта? Маецца на ўвазе сустрэча з галоўным ідэолагам краіны Ўсеваладам Янчэўскім.

Я думаю, што не. Таму што тут не ў палітыцы пытанне. Гэтыя, умоўна кажучы, спецыялісты, па-першае, не разбіраюцца ў пытанні. Па-другое, у іх няма для гэтага волі. Па-трэцяе, яны не ведаюць з якога боку падыходзіць да гэтага пытання. І ўвогуле, яны ніколі не цікавіліся гэтым.

Крызіс тэатра абумоўлены таксама тым, што ўлада ніколі не займалася мастацтвам, за выключэннем нізкапробнай эстрады. Я не ўпэўнены, што умяшанне ўлады магло б дапамагчы.

Навошта тады было сустракацца?

Каб лакалізаваць канфлікт. Як гэта было пры сустрэчы Праляскоўскага з рок-музыкамі. Гэта робіцца для таго, каб лакалізаваць, замкнуць ўсё на сябе ды здушыць "бунт" мяккімі сродкамі. Хутчэй за ўсё, так будзе і ў гэтым выпадку. Баюся рабіць прагнозы, але падаецца, што канфлікт будзе лакалізаваны. Не ведаю, ці будзе ціск на акцёраў. Магчыма, што і не, паколькі задзейнічаны ўвесь калектыў. Паспрабуюць абысціся якімі-небудзь паўмерамі, нават не вырашаць, а нешта замажуць, каб яно болей не загаралася.

А якім павінен быць сучасны нацыянальны тэатр?

Нацыянальны тэатр павінен развіваць нацыянальную тэатральную культуру па ўсім напрамкам сваёй дзейнасці. Гэта тычыцца працы з драматургамі, маладымі рэжысёрамі, маладымі акцёрамі, селекцыйная праца і г.д. Гэта вельмі сур'ёзны комплекс мер якія павінен праводзіць тэатр.

Купалаўскі тэатр у год праводзіць не болей за 300 спектакляў. А, напрыклад, нацыянальны турэцкі тэатр грае каля 3000 спектакляў у год. І праца вядзецца з усімі. Нават драматургаў якія пішуць "брутальныя" тэксты намагаюцца прывабліваць, каб залучаць у нацыянальную культуру.

Што павінен зрабіць тэатр? Ён павінен разабрацца з тым, што ў яго ёсць, а потым, гледзячы на тое, чаго ў яго няма, выбудаваць комплексную працу. Не вельмі цяжкая задача. Яна нават палягае не ў сферы творчасці, а ў сферы мэнэджменту.

Для простага чалавека праблемы Купалаўскага не існуе: спектаклі ставяцца, білеты купляюцца, залы перапоўненыя. Можа, прасцей змяніць трупу?

Тое, што білеты купляюцца, абумоўлена двума фактарамі. Па-першае, у нашай краіне у прынцыпе няма куды пайсці. У нас няма насычанай праграмы: канцэртнай, выставачнай, клубнай і г.д. Па-другое, білеты ў тэатр каштуюць 6-10 тысячаў рублёў. Гэта ўвогуле не цана. Гэткай цаны не можа быць у тэатры па азначэнню. Гэта значыць, што тэатр не мае ўласных грошаў.

Танныя білеты — гэта, вядома ж, пахвальна, таму што мы, нібыта, клапоцімся пра ўсіх. Але на самой справе, гэта прыніжае статус тэатра. Калі падняць кошт на білеты да належнага ўзроўню, змясціць тэатр у канкурэнтнае асяроддзе, натуральна, што там не будзе гледачоў. Не можа чалавек глядзець "Паўлінку" 25 разоў.

А ў іншых тэатрах Беларусі існуюць падобныя складанасці ці гэта праблема канкрэтна Купалаўскага?


Гледзячы па той колькасці званкоў ды лістоў, якія я атрымаў, гэтая праблема абсалютна агульная. На сённяшні дзень, тэатральных калектываў, якія бы не знаходзіліся ў крызісе ў Беларусі, на мой погляд, няма. Паўсюль засілле нізкапробнай драматургіі, паўсюль не ставяцца п'есы аб сучасніках, паўсюль акцёры растрэніраваныя. Праблема ў тым, што ў правінцыі "бунт" узнікнуць не можа. Гэта ў Мінску акцёр можа падпрацаваць на агучцы, на тэлебачанні ці паздымацца ў расіян. А ў правінцыі гэтага няма. Там ёсць адзін тэатр, і калі цябе звольняць, то больш ты нідзе працы не знойдзеш.

Калі ўявіць, што вас запросяць дырэктарам у Купалаўскі, каб урэгуляваць крызіс, ці ўзяліся б вы за гэта?

Не. У мяне ёсць свой калектыў, у які ўкладзена шмат сілаў, які вядомы ў свеце і ў якім з творчасцю ўсё ў парадку. Але калі мяне запросяць правесці кансультацыі, або папросяць пазнаёміць з кімсьці, хто мог бы быць педагогам па мэнэджменце, то я гатовы дапамагчы. А займацца барацьбой з Міністэрствам культуры, Адміністрацыяй прэзідэнта, чыноўнікамі розных масцяў — у мяне няма часу.

Калі вярнуцца да пытання смерці беларускага тэатра. Вы ўпэўнены, што ён яшчэ не памёр?

Шмат хто папракаў мяне гэтай фразай. Прычым казалі, што я змякчыў і што беларускі тэатр даўно памёр ды няма пра што нават размаўляць. Але існуе ў краіне 25-30 тэатраў. У іх працуюць людзі. Хтосьці з іх жадае актыўна займацца творчасцю. Таму і нельга казаць, што тэатр памёр. Я ўпэўнены, што ў нетрах гэтых тэатраў можа з'яўляцца нешта годнае. І ўпэўнены ў тым, што ёсць калідор для выратавання.