Міліцыя: крыжы ў Курапатах паваліліся ад ветру (фота)
У афіцыйным адказе праваахоўнікаў гаворыцца, што крыжы не з’яўляюцца каштоўнасцю і не маюць кошту.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла грамадская актывістка Ганна Шапуцька. На пачатку ліпеня спадарыня Ганна напісала заяву ў міліцыю, што знайшла ў Курапатах паламанымі 5 крыжоў.
У адказе міліцыі гаворыцца, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. Прычын некалькі. Першая – што крыжы, паводле думкі міліцыі, мог паламаць вецер альбо яны маглі паваліцца самі, бо згнілі. Маўляў, былі такія выпадкі.
Другая – што крыжы не значацца на балансе ніводнай арганізацыі, адпаведна немагчыма высветліць іх кошт. А таксама, што крыжы “не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю”.
Міліцыя піша, што калі б кошт крыжоў можна было высветліць, то справа магла б быць узбуджаная. А так – фармальна ўрон не нанесены.

