Міліцыя: нападнікаў было двое, і на іх пачалі справу

Напад на расійскую амбасаду здзейснілі два чалавекі. Па факце здарэння распачатая крымінальная справа. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
Ластоўскі: “Падчас агляду месца здарэння супрацоўнікамі следча-аператыўнай групы Цэнтральнага РАУС былі знойдзены шкляная бутэлька ёмістасцю 0,33 л з-пад слабаалкагольнага напою з рэшткамі гаручай сумесі, а таксама рэшткі шкляной бутэлькі з фіцілём. Зараз следча-аператыўная група працягвае працу на месцы здарэння. Мяркуецца, што гэта напад з хуліганскіх памкненняў здзейснілі два чалавекі, асобы якіх высвятляюцца. Распачатая крымінальная справа па артыкуле 339 “Хуліганства” Крымінальнага кодэкса Беларусі”.

У выніку нападу, кажа Ластоўскі, быў падпалены аўтамабіль амбасады "Mazda 3". Але і ён моцна не пацярпеў, бо пажар своечасова пагасілі супрацоўнікі спецбатальёна міліцыі ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.

Па яго словах, запісы камер відэаназірання з расійскай амбасады былі перададзеныя ў следчую групу. Але ці бачныя на ёй твары нападнікаў і ці ёсць ужо іх фотаробат, Ластоўскі казаць адмовіўся.

Ластоўскі: “Гэта інфармацыя з’яўляецца закрытай. У інтарэсах следства мы не можам яе агучваць, каб не інфармаваць магчымых падазроных асоб пра тое, на якім свеце зараз знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі ў сэнсе высвятлення асоб і іх затрымання”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не стаў напад на амбасаду адказам пэўных сіл у Беларусі на паказ па расійскіх каналах фільмаў, якія дыскрэдытуюць кіраўніка Беларусі і яе вышэйшае кіраўніцтва. Але кіраўнік прэс-службы ГУУС адмовіўся ад каментароў на гэтую тэму.