Міліцыя пачала наведваць уладальнікаў катоў
Каты, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Участковыя міліцыянты цяпер ходзяць да ўладальнікаў катоў. Пра адзін такі нечаканы візіт беларуска расказала ў сацсетцы Threads, заўважыла выданне BGmedia.
Дзяўчына кажа, што міліцыянты прыйшоў каля восьмай гадзіны вечара: "Да нас учора прыходзіў міліцыянер, было недзе гадзін восем вечара, мы ўжо рыхтаваліся да сну, і тут стук у дзверы. Я не чакала нікога, адчыняю — там міліцыянер. І ён пачынае пытацца, хто тут пражывае, год нараджэння, дзе працуеце, не працуеце, якія садкі і школы наведваюць дзеці і так далей".
Потым міліцыянт спытаўся, ці ёсць у кватэры каты або сабакі. "Я кажу — так, ёсць кот. А ён: а ён зарэгістраваны, падатак плаціце?" — дзеліцца беларуска. Яна кажа, што была шакаваная, бо ўпершыню пачула пра падатак на катоў.
Міліцыянт, паводле яе, сказаў, што на першы раз проста папярэджвае, што ката трэба зарэгістраваць. Пасля яго візіту аўтарка роліка пачала шукаць у інтэрнэце — і не знайшла інфармацыі пра падатак на ката.
Выданне нагадвае, што сёлета былі ўведзеныя новыя нормы заканадаўства. Яны не толькі ўводзяць абавязковы падатак для ўсіх сабак, але і патрабуюць рэгістраваць катоў, якіх трымаюць у жылых памяшканнях. Праўда, на катоў падатак не вызначаны — у адрозненне ад сабак.