Гадавальнік безнаглядных жывёлаў у Гомелі перапоўнены
Сабакі ў гомельскім гадавальніку / newsgomel.by
У Гомелі перапоўнены пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл прадпрыемства "Спецкамунтранс". На гэта звярнулі ўвагу мясцовыя зоаабаронцы, піша "Флагшток".
Адна з валанцёрак расказала ў TikTok, што жывёлаў няма куды падзець: "Шмат шчанюкоў і дарослых сабак чакаюць ратавання, усыпалка перапоўненая, ператрымак няма, у валанцёраў рукі апускаюцца".
Другая валанцёрка заявіла, што ўлады вырашылі правесці "зачысткі" сабак па ўсёй Гомельскай вобласці: "Значыць, усе сабакі, якія знаходзяцца на вуліцы, у тым ліку вашыя гаспадарскія, будуць адлоўленыя або адселеныя ў гарадах, дзе няма пункта ўтрымання". Яна параіла не адпраўляць сабак на самавыгул, пакідаць іх у закрытым двары ці пасадзіць на ланцуг.
Ускосна гэтыя звесткі зоаабаронцаў пацвердзілі і гомельскія ўлады. У газеце гарвыканкама начальнік цэха шматгаліновых паслуг КУП "Спецкамунтранс" Вадзім Башылаў расказаў, што ў пункце часовага ўтрымання ёсць спецыяльная вальерная зона. У ёй 50 вальераў — 46 прызначаныя для сабак, а яшчэ чатыры — для катоў. Спецыяліст дадаў, што цяпер на ўчастку трымаюць 71 сабаку, у тым ліку 17 шчанюкоў. З гэтага вынікае, што пункт часовага ўтрымання сапраўды перапоўнены.
Ад пачатку месяца два дзіцяці ў Гомелі пацярпелі ад нападу бяздомных сабак. Пасля гэтага ўлады пачалі аперацыю па іх адлове.