Міліцыянты прыпынілі справу па мініраванні Мілінкевіча

Следчыя Ленінскага РАУС Гродна прыпынілі крымінальную сраву па паведамленні пра замініраванне, з-за якога ледзь не быў сарваны ўстаноўчы сход грамадскага аб’яднання “Рух “За свабоду” пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча.
На пошукі невядомага зламысніка, які 19 траўня нібыта патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што будынак, дзе праходзіў сход, замініраваны, у следчай групы быў роўна месяц.

Аднак, па словах намесніка кіраўніка аддзела дазнання Ленінскага РАУС Паўла Койты, падазраваны дагэтуль так і не знойдзены, таму следчыя дзеянні прыпыненыя, хаця аператыўныя мерапрыемствы будуць працягвацца.


Нагадаем, што па аператыўнай інфармацыі злачынца патэлефанаваў з вулічнага таксафона і пры гэтым гаварыў па-беларуску.

Таму міліцыя адразу вырашыла, што гэта — хтосьці з прадстаўнікоў апазіцыі, які хацеў сарваць сход.

Па словах Койты, кола гэта надта шырокае і апытаць усіх за месяц следчым не ўдалося.

Прэс-служба Мілінкевіча