Мілінкевіч: Буду падымаць свет на абарону свабодных беларусаў

каб у новым годзе адбыўся цуд збавення ад несправядлівасці і афіцыйнай хлусні.

"Ня трэба баяцца, трэба яднацца ў салідарнасці і свабодзе. Толькі так мы памнажаем шансы на перамогу дабра і справядлівасці" - кажа палітык.

Мілінкевіч паабяцаў, што ў 2011 годзе будзе падымаць свет на абарону свабодных беларусаў.

"Абяцаю Вам: буду і ў 2011 годзе працаваць для вас, для Беларусі. Буду гуртаваць людзей унутры краіны, буду падымаць свет на абарону свабодных беларусаў" - гаворыць Мілінкевіч.


Зварот:


"Дарагія суайчыннікі!


Шаноўныя сябры!


Звяртаюся да Вас у гэтыя святочныя дні, калі мы ўсе глядзім на здзейсненае, падсумоўваем вынікі, адначасова спадзяемся на лепшае, на цуд у будучыні.


Цуд, які зробіць нас усіх здаровымі, шчаслівымі ды заможнымі.


Цуд, які дазволіць пабудаваць па-людску адносіны паміж намі і дзяржавай.


Цуд, які адправіць на сметніцу гісторыі ўсё нялюдскае, што спатыкаецца на нашым шляху.


Цуд, які дасць магчымасць захаваць і ўмацаваць надзею на лепшы лёс … для сябе, сваіх родных і для нашае Беларусі.


Мы пражылі вельмі няпросты 2010 год.


Было шмат добрых пачынанняў. Беларусы сваёй стваральнай працай  у самых разнастайных галінах жыцця далі безліч прыкладаў і доказаў, што яны годныя, каб жыць у дабрабыце і ў свабодзе, што яны хочуць жыць цывілізавана, у міры і супрацоўніцтве з усімі людзьмі добрай волі.


Нягледзячы на цынічную прапаганду з дзяржаўнага тэлебачання, людзі ў Беларусі здольныя адрозніваць дабро і зло. Сваім рэальным волевыяўленнем у снежні яны ўжо паказалі жаданне пазбавіцца дыктатуры. Толькі нашы галасы ніхто не лічыў. Аўтарытарны рэжым зноў разламаў наша грамадства, зноў паздзекаваўся з права народу выбіраць сваю ўладу. Ізноў запушчана карусель нянавісці і хлусні, ізноў нас спрабуюць падзяліць на правільных і неправільных, на чэсных і нячэсных.


Аднак у нашай краіне ўсё болей і болей людзей, якія годна супрацьстаяць тэрарызму дзяржавы супраць уласнага народу.


Ведаю, беларусы заслужылі цуд збавення ад несправядлівасці і афіцыйнай хлусні. Але цуд прыходзіць да тых, хто моцна верыць і шчыра робіць усё, каб ён адбыўся.


Самадзяржаўе, самавольства пярэчыць самой натуры беларускага чалавека.


Я Вас заклікаю: Ня бойцеся!


Ня трэба баяцца, трэба яднацца ў салідарнасці і свабодзе. Толькі так мы памнажаем шансы на перамогу дабра і справядлівасці.


Праз цяплыню і спагаду ў адносінах паміж сабой, праз салідарнасць і нацыянальную еднасць.


Будзьма папросту сумленнымі людзьмі, што б мы ні рабілі, і Бог нас не пакіне.


Маю надзею, перакананы, што лёс Беларусі будзе лепшым.


Абяцаю Вам: буду і ў 2011 годзе працаваць для вас, для Беларусі. Буду гуртаваць людзей унутры краіны, буду падымаць свет на абарону свабодных беларусаў.


Шчыра жадаю Вам усім — шчасця, моцы, здароўя, веры, веры ў сябе, у нас, у беларускі народ і яго лепшую будучыню.


З Новым годам! Жыве Беларусь!"