Мілінкевіч не вызначыўся, ці будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі

На Форуме дэмакратычных сіл у Гомелі 5 верасня лідар руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што пакуль не вызначыўся, ці будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата, паведамляе БелаПАН. Ён выказаў сумненне ў дакладнасці заяў апазіцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду аб тым, што кожны гатовы сабраць 100 тыс. подпісаў.

Гаворачы пра абранне адзінага кандыдата ад апазіцыі, Мілінкевіч назваў праблемай у гэтым працэсе тое, што ў розных прэтэндэнтаў — розныя мэты: у кагосьці — эгаістычныя, у кагосьці — фінансавыя, арганізацыйныя. Па словах Мілінкевіча шанс у апазіцыі быў бы толькі ў тым выпадку, калі б ва ўсіх мэта была адна: беларуская, дзяржаўная — перамены ў краіне.

У сваім выступленні ён адзначыў, што сітуацыя перад мінулымі выбарамі, у 2006 годзе, і цяперашняя вельмі адрозніваюцца. Цяпер Лукашэнка слабы як ніколі. Але і ў апазіцыі Мілінкевіч назірае сістэмны крызіс.