Мінадукацыі: Сёлета вынікі ЦТ лепшыя, чым у папярэднія гады

Міністэрства адукацыі падвяло вынікі сёлетняга цэнтралізаванага тэставання. Паводле інфармацыі, агучанай кіраўніком ведамства Міхаілам Жураўковым, 277 чалавек сёлета атрымалі максімальныя 100 балаў, прычым 11  абітурыентаў маюць максімальную адзнаку адразу па двух прадметах.

Пры гэтым міністр адукацыі мяркуе, што вынікі ЦТ нельга наўпрост звязваць з адзнакай у атэстаце.

Сёлета вырашана не выводзіць сярэдні бал па кожным прадмеце, бо “гэты паказнік у прынцыпе ні пра што не гаворыць”. Замест гэтага спецыялісты параўналі вынікі тэстаў асобна сярод выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў. Як выявілася, вучні звычайных сярэдніх школ саступаюць аднагодкам з ліцэяў і гімназіяў у сярэднім па 15-20 балаў на кожным прадмеце.

Паводле рэпетытара па фізіцы і матэматыцы Аляксея Васілеўскага, такі падыход дзіўны, а агульны сярэдні бал хаваць не варта.

Аляксей Васілеўскі: "Відавочна, што ў гімназістаў вынікі будуць лепшымі, чым у школьнікаў. Калі ў звычайнай школе па фізіцы два ўрокі на тыдзень, то ў гімназіі ад чатырох. Не зразумела, чаму яны не даюць сярэдні бал па краіне, такой інфармацыі нельга шкадаваць".

Рэпетытар дадае, што здаць тэставанне на 50-60 балаў не праблема, калі рыхтавацца.