Мінчук, што заблукаў у лесе, знайшоўся ў Столінскім раёне

8 ліпеня каля 22:30 у Столінскі РАУС з мабільнага тэлефона пазваніў мужчына, які паведаміў, што заблукаў, і папрасіў аб дапамозе.

"Мужчына сказаў дзяжурнаму, што знаходзіцца ў забалочанай мясцовасці ў раёне вёскі Стахава і не можа самастойна выбрацца", — цытуе прэс-сакратара Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Машнова інфармагенцтва БелаПАН.

Пошукам жыхара сталіцы займаліся аддзяленне пажарнай аварыйна-ратавальнай часці вёскі Відзібор і супрацоўнікі РАУС.

Каля дзвюх ночы 9 ліпеня 39-гадовага мужчыну знайшлі. Ён сядзеў на дрэве каля Прыпяці. Ад шпіталізацыі мужчына адмовіўся.

Паводле яго слоў, ён прыехаў у Столінскі раён паглядзець на прыроду Прыпяцкага ландшафтнага заказніка.


Фота: beautifulplace.by.