Мінчукі могуць пабачыць кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў па гандболе

Беларускі заўзятар зможа на свае вочы ўбачыць трафей, які ўручаецца пераможцу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Прэзентацыя Кубка чэмпіёнаў запланаваная гандбольным клубам "Дынама-Мінск" на 29 кастрычніка ў канферэнц-зале БФСТ "Дынама". У прэзентацыі  прымуць удзел старшыня БФСТ "Дынама" Юры Бародзіч, старшыня Беларускай  федэрацыі гандбола Ўладзімір Канаплёў, кансультант іспанскай федэрацыі  гандбола, дарадца прэзідэнта гандбольнага клуба "Сьюдад-Рэаль" Давыд Кабалера, самы дарагі гандбаліст свету, які выступае за "Барселону", Сяргей Рутэнка, у якога за ўсе гады выступу ў Лізе Чэмпіёнаў на ліку 426 закінутых мячоў.

ГК "Дынама-Мінск" плануе правесці фотасесію для прыхільнікаў гандболу з Кубкам чэмпіёнаў, паведамляе "Прессбол". На гэты момант кіраўніцтва клуба разглядае два варыянты гэтага мерапрыемства: 16-17 лістапада перад матчам 1/16 фіналу Кубка Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі (ЕГФ) з французскім "Дзюнкеркам" (пры згодзе французскай каманды перанесці сустрэчу на гэтыя дні) або 26 снежня перад хатняй сустрэчай "Дынама" з БГК імя Мяшкова.