Мінэканомікі стала на абарону прыватнага сектара сельскай гаспадаркі

Паказчыкі па росце агравытворчасці без уліку прыватнага аграсектару прапануе ўсталяваць у наступным годзе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Гэта тлумачыцца тым, што прыватнікі паступова здаюць свае пазіцыі, на сельгасарганізацыі прыпадае ўжо больш за 70% прадукцыі і іх аб'ём вытворчасці расце.
Таму Міністэрства сельскай гаспадаркі прапануе ў далейшым рабіць стаўку на грамадскі сектар. Гэтую ініцыятыву падтрымала Нацыянальная акадэмія навук.

Аднак, як паведамляе тэлеканал ОНТ, Міністэрства эканомікі выступіла катэгарычна супраць, бо, калі ацэньваць асобна працу прыватнікаў і сельгасвытворцаў, гэта будзе супярэчыць найперш праграме адраджэння і развіцця вёскі. У выніку, рашэнне ў гэтым пытанні ўрадам пакуль так і не было прынятае.