Мінгандлю адкрывае "чорны спіс" генетычных вытворцаў

Міністэрства гандлю пачало весці рэестр нядобрасумленных суб'ектаў гаспадарання, якія вырабляюць і рэалізуюць генетычна мадыфікаваныя сыравіна і прадукты, парушаючы пры гэтым патрабаванні заканадаўства па інфармаванні насельніцтва.
Рэестр размешчаны ў адкрытым доступе на сайце міністэрства www.mintorg.gov.by, паведамляе "Экономическая газета" (http://www.neg.by/). У яго будуць уключацца звесткі пра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія вырабляюць і рэалізуюць харчовую сыравіну і прадукты харчавання, якія з'яўляюцца генетычна мадыфікаванымі або ўтрымліваюць такія складнікі, і пры гэтым не паказваюць адпаведнай інфармацыі ў маркіроўцы тавара.

У "чорны спіс" таксама патрапяць тыя, хто рэалізуе прадукцыю без дакументаў, якія сведчаць яе якасць і бяспеку, не падае неабходныя звесткі па патрабаванні спажыўцоў або органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль.

Прадугледжваецца, што рэестр будзе абнаўляцца штомесяц на падставе інфармацыі Дзяржстандарту, Міністэрства аховы здароўя, Мінсельгасхарчу і іншых ведамстваў. Пакуль спіс пусты. Як паведамляюць у Мінгандлю, парушальнікі не выяўленыя.