Мінгарвыканкам паведаміў, якой можа быць максімальная тэрыторыя Мінску

Да 500 квадратных кіламетраў пашырыць свае межы Мінск да 2030 года. Такія параметры закладзеныя ў новым генплане сталіцы, як паведаміў старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Нікіцін. На сённяшні дзень плошча гораду складае 350 квадратных кіламетраў. Як адзначыў чыноўнік, максімальная тэрыторыя сталіцы не павінна перавысіць лічбу ў 550 квадратных кіламетраў.

Нікіцін: "Горад больш тэрытарыяльна развівацца не будзе. Чаму? Таму што сёння ў агульную структуру генеральнага плану закладзена, што за гадзіну можна будзе трапіць у любую частку горада. І любое іншае развіццё гораду - гэта іншая структура, іншы прынцып развіцця. Гэта ўжо будзе мегаполіс, а там ужо іншыя зусім законы".

Паводле асноўных параметраў развіцця Мінску, насельніцтва гораду не павінна перавышаць 2 млн чалавек. Штогадовыя аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва павінны быць не больш за 1,2 млн квадратных метраў жытла.