Мінгарвыканкам заканадаўча адрэгулюе размяшчэнне кандыцыянераў і талерак

Мінгарвыканкам рыхтуе заканадаўчы акт, які ўпарадеу размяшчэнне ў горадзе кандыцыянераў і спадарожнікавых талерак на фасадах будынкаў. Пра гэта са спасылкай на галоўнага архітэктар Мінска Віктара Нікіціна піша “БелТА”. Адмысловец канстатаваў, што ў апошні час працэсам усталёўкі кандыцыянераў і спадарожнікавых талерак ніхто не кіраваў. На гэта падчас вясновага аб'езду горада звярнуў увагу мэр Мінска. Міхаілу Паўлаву падалося, што гэта парушае эстэтыку будынкаў, асабліва цэнтральных фасадаў. Мэр не ўхваліў таксама тое, што кандыцыянеры і спадарожнікавыя талеркі сталі ўсталёўваць на помніках гісторыі і архітэктуры.

Віктар Нікіцін удакладніў, што на фасадах будынкаў з 10,5 тысяч антэн толькі 40 усталяваныя па ўзгадненні з мясцовымі адміністрацыямі. У сталіцы налічваецца 2,5 тысячы кандыцыянераў, большасць з якіх усталявана без адмысловай дакументацыі. Гэта стварае пагрозу здароўю людзей, якія праходзяць унізе.

У новым рашэнні Мінгарвыканкама будзе прапісаны механізм размяшчэння кандыцыянераў і талерак на фасадах будынкаў. У адпаведнасці з дакументам мяркуецца правесці рэвізію ўсіх антэн і кандыцыянераў наконт адпаведнасці правілам усталёўкі. Адказнасць за выкананне палажэнняў дакумента ўскладаецца на адміністрацыі раёнаў.