Мінскія школьнікі будуць хадзіць на вучобу “па картках”
Актыўнае ўкараненне праекта электронных картак навучэнца пачнецца ў мінскіх школах у 2016 годзе. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на начальніка цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі “Мінскага гарадскога інстытута адукацыі” Наталлю Сакалову. Па яе інфармацыі, на сёння такую картку выкарыстоўваюць школьнікі 15 установаў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.
Картка сумяшчае ў сабе функцыі банкаўскай плацёжнай карты і ўніверсальнага электроннага дакумента. Па такой картцы вучань можа трапіць у школу праз электронную кантрольна-прапускную сістэму: тут усталёўваюцца электронныя замкі, якія замыкаюцца пасля пачатку заняткаў. Пабочныя асобы могуць прайсці ў навучальную ўстанову толькі з дазволу аховы.
У школах і гімназіях, дзе ўсталяваная такая прапускная сістэма, ёсць бясплатны сервіс смс-паведамленняў для бацькоў. Калі дзіця спазнілася на ўрок або не прыйшло, законныя прадстаўнікі атрымаюць паведамленне і змогуць адпаведным чынам рэагаваць. Адміністрацыя навучальнай установы таксама мае інфармацыю пра знаходжанне вучняў, бо яны адзначаюцца на ўваходзе і выхадзе.
Картка навучэнца таксама выкарыстоўваецца замест чытацкага білета, а ў кампутарным класе патрэбная для доступу ў кампутарную сетку школы і інтэрнэт. У буфеце гэтай карткай можна аплаціць абед, пры гэтым бацькі змогуць кантраляваць расходы сваіх дзяцей і пры неабходнасці папаўняць рахунак. Апроч таго, картку навучэнца можна паказваць кантралёрам у грамадскім транспарце.
Фота: minsknews.by