Мінскія выратавальнікі рыхтуюцца да залевы

На сёння сіноптыкі зноў прагназуюць моцныя залевы. Еўрарадыё звязалася з прэс-сакратаром МНС Віталём Навіцкім, каб даведацца, як выратавальнікі рыхтуюцца да капрызаў надвор'я. Ён распавёў, што пераходзіць на узмоцнены варыянт нясення службы пакуль не плануецца, але гэта можа быць зроблена за некалькі хвілін.

Віталь Навіцкі: "У нас няма паняцця моцнага ўрагану ці залевы. Мы знаходзімся ў сталай гатоўнасці да рэагавання да любых надзвычайных сітуацый. Калі неабходна перайсці на ўзмоцнены варыянт нясення службы, то гэта можа быць зроблена цягам некалькіх дзесяткаў хвілін, як у межах раёна і горада, так і ў межах усёй рэспублікі".

Пры ўзмоцненым варыянце нясення службы больш выратавальнікаў знаходзіцца на сваіх пастах, больш тэхнікі ўводзіцца ў баявы разлік. Але і без яго падчас учорашняй залевы на Нямігу выехала 11 адзінак тэхнікі, калі б патрэбна было 30 — выехала б 30, кажа Віталь Навіцкі.