Мінюст мае прэтэнзіі да адвакатаў, якія абараняюць апазіцыянераў

На сайце міністэрства з'явілася паведамленне, у якім гаворыцца, што "асобныя адвакаты, якія ажыццяўляюць абарону асобаў, што ўдзельнічалі 19-20 снежня 2010 года ў здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся спробай захопу дзяржаўных установаў, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, дапускаюць грубыя парушэнні прафесійнай этыкі адваката, дзейнага заканадаўства, у тым ліку закона Рэспублікі Беларусь "Аб адвакатуры".

Гэтыя парушэнні выяўляюцца ў тым, што "некаторыя адвакаты, злоўжываючы сваім правам на абарону іншых асоб, у скажоным святле падаюць інфармацыю пра ход следства і магчымасці рэалізацыі правоў сваіх падабаронных на юрыдычную дапамогу, пра стан іх здароўя і ўмовы утрымання, тэндэнцыйна падаюць інфармацыю наконт працы праваахоўных органаў краіны".

Паводле гэтых фактаў Мінюст праводзіць праверку, па выніках якой прыме прадугледжаныя заканадаўствам меры рэагавання.