Мінюст правярае ўдзельнікаў легалізацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна"

Міністэрства юстыцыі Беларусі апытвае дзесяткі актывістаў па ўсёй краіне, якія маюць намер зарэгістраваць Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Нагадаем, гэтая грамадская арганізацыя была ліквідаваная праз суд з падачы Міністэрства юстыцыі восенню 2003 года. Напрыканцы ліпеня была зробленая спроба легалізацыі “Вясны”.

Вось як яе ацэньвае праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі:

“Гэта такая праверка, наколькі Міністэрства юстыцыі сапраўды гатовае працаваць з грамадскім сектарам, гатовае легалізаваць беларускіх праваабаронцаў, беларускі праваабарончы рух”.

Паводле словаў Алеся Бяляцкага, “зараз у беларускага грамадства ёсьць патрэба ў легальных праваабарончых арганізацыях, якія мелі б магчымасць афіцыйнага звароту да беларускіх уладаў”.

Цікава, што падштурхнуў на гэты крок праваабаронцаў Алег Сліжэўскі, чыноўнік з Мінюсту.

Вясной ў Вене на канферэнцыі АБСЕ адбылася дыскусія паміж праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам і начальнікам аддзела па працы з няўрадавымі арганізацыямі і партыямі Мінюста Сліжэўскім.

Абмяркоўваліся ўмовы працы няўрадавых арганізацыяў у Беларусі. І ў адказ на крытыку чыноўнік сказаў: “А хто вам перашкаджае падаць на рэгістрацыю дакументы зноў?”

Праваабаронцы прынялі гэты выклік, падрыхтавалі статут, знайшлі юрыдычны адрас і падалі дакументы. Прычым, яны спрабуюць зарэгістраваць рэспубліканскую арганізацыю.

Сярод яе заснавальнікаў больш за 50 асобаў з большасці рэгіёнаў Беларусі. Апошнімі днямі іх пачалі выклікаць у абласныя ўправы юстыцыі і распытваць пра ўстаноўчы сход.

“Хутчэй за ўсё Мінюст рыхтуе, як мне падаецца, на жаль, адмову ў нашай рэгістрацыі”, кажа Бяляцкі.

Аднак, калі ж “Вясне” удасца легалізавацца, яе прыклад можа заахвоціць да выхаду “з ценю” і дзесяткі іншых грамадскіх аб’яднанняў, пазбаўленых уладамі рэгістрацыі.

На здымку: Алесь Бяляцкі сядзіць на падлозе ў Вярхоўным Судзе, пратэстуючы супраць закрыцця ПЦ "Вясна". Кастрычнік 2003 г. Фота - Photo.ByMedia.net