Музычны гід “Experty.by” распачынае фестывальную дзейнасць

Каманды “The Toobes”, “Port Mone”, “Nevma” і “Петля Пристрастия” прэзентуюць новы музычны фестываль “Experty.by”, які пройдзе 14 траўня на сцэне “Рэактара”. Мэтай фэсту яго арганізатары – музычны партал “Experty.by” – бачаць прасоўванне гуртоў, якія цягам году выдалі лепшыя дэбютныя альбомы. Па словах аднаго з экспертаў, Змітра Безкаравайнага, менавіта новая музыка з’яўляецца фарматам фэсту.

Зміцер Безкаравайны: “У любым выпадку, арыентацыя на свежую, на адносна не вядомую шырокаму колу публікі музыкі захаваецца”.

Зміцер не выключае з'яўлення на сцэне “Experty.by” зорак першага беларускага эшалону. Аднак  гэта не з'яўляецца самамэтай праекту.

Зміцер Безкаравайны: “У нас няма мэты рабіць проста нейкі канцэрт, на які прыйдуць музыканты, якія скажуць, як яны нас паважаюць, як мы ім падабаемся… Альбо паказаць усім , што гэтых вось крутых музыкаў мы можам сабраць. У нас і сам праект, і мерапрыемствы, якія мы робім, звязаныя з тым, каб мы інфармавалі людзей аб добрай музыцы і гуртах, якія ёсць у Беларусі”.

Пачынаецца фестываль “Experty.by” са сцэны “Рэактара”. Аднак будучыня фэсту пры адэкватным і разумным падыходзе яго пачынальнікаў можа быць нават вельмі светлай.

Зміцер Безкаравайны: “Я не выключаю магчымасці, што калі-небудзь фестываль будзе вялікім, сямідзённым, на якім-небудзь востраве, але да гэтага трэба ісці эвалюцыйным шляхам. Трэба пачынаць з адносна невялікіх мерапрыемстваў, але, галоўнае, трэба разумець навошта гэта робіцца, і з якой мэтай”.

Такім чынам, першая магчымасць убачыць паўнавартасныя выступы найбольш цікавых маладых беларускіх гуртоў у рамках фэсту “Experty.by” чакае меламанаў 14 траўня ў “Рэактары”. Кошт квіткоў ад 30 да 50 тысяч рублёў.