Музыкі “Палаца” ў любым выпадку едуць на Еўрабачанне?

Алег Хаменка прызнаўся Еўрарадыё, што ўся рытм-секцыя канцэртнага складу Руслана Аляхно – удзельнікі “Палацу”. Таму “палацаўцы” маюць самыя вялікія шанцы паехаць на “Еўрабачанне”. Як расказаў Еўрарадыё лідэр гурта Алег Хаменка, сваёй галоўнай мэты "палацаўцы" ўжо дасягнулі:

“Нашая галоўная была задача – з’явіцца на БТ і паглядзець, ці ў стане наогул БТ запрасіць нас. Пакуль што ўсё рухаецца наперад і, здаецца, што ўсё гэта магчыма. Таму спадзяюся, што ўжо 21 снежня, калі будуць папярэднія здымкі, мы там таксама выступім, і думаем, што нармальна праспяваем”.

Да таго ж, па словах адзінага беларускамоўнага ўдзельніка адборышча на Еўрабачанне, музыкі “Палаца” маюць самыя лепшыя шанцы паехаць у наступным годзе ў Бялград:

“Я б мог адзначыць “Далі”, мне здаецца, класная вельмі, сур’ёзная каманда. Ну, магчыма, Аляхно Руслан, да таго ж гэта ўжо не сакрэт, што ўся рытм-група на канцэртах Аляхно ў Беларусі – гэта палова гурта “Палац”.

І таму тут усё роўна – ці Аляхно пераможа, ці “Палац” пераможа, музыкі “Палаца” едуць ужо адназначна (
смяецца). Астатніх, можа, я не ўсіх паглядзеў, але лічу, што, канешне, штосьці цікавае павінна быць”.

Выканаўчы прадзюсер “Еўрафэсту” Анастасія Ціхановіч нагадала, што ўжо 21 снежня будзе абрана тройка фіналістаў:

“21 снежня тэлегледачы змогуць дапамагчы аднаму з удзельнікаў прабрацца ў фінал. Усё, што тычыцца падзеяў у фінале і таго, хто ж пераможа, а адпаведна і прадставіць нашу краіну на Еўрабачанні, гэта застаецца за членамі журы”.

Таксама ў паўфінал патрапілі Віктар Пшанічны, Алена Валошына, Ганна Шаркунова, гурты Dali і Litesound, Руслан Аляхно, PinCode, The Champions, "По глазам", Юлія Гусева, Аксана Кавалеўская, Катрын, Gunesh і праект "Sкандал".

З 15 паўфіналістаў толькі адзін удзельнік выконвае песню на беларускай мове — гэта "Палац". Яшчэ тры выканаўцы спяваюць па-руску, а астатнія — па-англійску.

Зміцер Траўчук, Віталь Малькевіч, Еўрапейскае радыё для Беларусі