Мытная дэкларацыя выпраўленая, але застаецца 13 памылак

Пасля таго, як Еўрарадыё знайшло у бланку беларускамоўнай мытнай дэкларацыі 46 памылак (а кіраўнік акадэмічнага Інстытута мовазнаўства Аляксандр Лукашанец — ажно 48), у Мытным камітэце была праведзеная “работа над памылкамі”. Аднак і пасля яе памылкі засталіся. Праўда, гэтым разам іх толькі (!) 13. Еўрарадыё патэлефанавала прэс-сакратару камітэта Уладзіміру Пехцераву. Аказалася, што гэтым варыянтам дэкларацыі ўжо карыстаюцца беларусы, якія выязджаюць у замежжа.

Уладзімір Пехцераў:
“Гэта той варыянт, які вы можаце непасрэдна запоўніць пры перасячэнні мяжы… Гэты варыянт узяўся не з паветра і не рыхтаваўся ён на каленцы вучнем трэцяга класа. Над ім працавалі спецыялісты. Хто менавіта, я зараз вам не магу сказаць, я не валодаю гэтай інфармацыяй”.

Аднак, паводле словаў Пехцерава, час для ўнясення зменаў у мытную дэкларацыю яшчэ ёсць:

“Нарматыўны акт, які ўводзіць у дзеянне мытныя дэкларацыі, з’явіцца ў 20-х чыслах снежня”.

З задавальненнем адзначаем, што большая частка памылак, адзначаных у ранейшым рэпартажы Еўрарадыё, выпраўленая:

— былі выпраўленыя расійскія "и" ў беларускім тэксце, скарочаныя "ў" пасля галосных;
— істотна папраўленая лексіка (зніклі загадкавыя "сведкі аб таварах", "друкарныя" выданні і "кампетычныя" органы);
— выпраўленыя русізмы кшталту "налічная" і "ўключая".

Разам з тым, пэўная колькасць памылак яшчэ засталася. Верагодна, гэта тлумачыцца тым, што мытнікі так і не звярнуліся да адмыслоўцаў — ні ў "Таварыства беларускай мовы", ні ў Інстытут мовазнаўства. Можа быць, варта ўсё ж параіцца са спецыялістамі?

Праца над памылкамі-2:

1. Для беларускай мовы нехарактэрныя дзеепрыметнікі залежнага стану кшталту "суправаджаемы" (багаж), "часова ўвазімыя" (тавары) — лепш пісаць "багаж, які суправаджаюецца", "тавары, якія часова ўвозяцца".

2. Па-ранейшаму ў складальнікаў дакумента ўзнікаюць цяжкасці з напісаннем некаторых словаў: "баепрыпасы" (трэба "боепрыпасы"), "радыёактыўны" (трэба "радыеактыўны"), — а таксама з скланеннем назоўнікаў ("у маім багажу" заміж належнага "у маім багажы").

3. Нельга не адзначыць, што аўтары беларускамоўнай мытнай дэкларацыі маюць вельмі спецыфічны слоўнікавы запас. Рэчывы і лекі ў іх "атрутлівыя" (трэба "атрутныя"), мытныя плацяжы патрабуюць нейкага "аблогу" (трэба "абкладання").

4. Хіба што поўным няведаннем мовы можна патлумачыць упартае выкарыстанне словазлучэння "недасканалыя звесткі" (варта ўжываць які-небудзь з прыметнікаў "несапраўдныя", "непраўдзівыя", "недакладныя").

Астатнія памылкі глядзі на далучаных фотаздымках (клікабельна).