МЗС Літвы накіраваў Беларусі ноту з нагоды АЭС

Міністэрства замежных спраў Літвы папрасіла беларускі бок даць тлумачэнні. Нагодай сталі заявы службовых асобаў Беларусі наконт планаванага будаўніцтва АЭС. МЗС кажа, што Вільня дагэтуль мае пярэчанні, якія адносяцца да ўздзеяння гэтага праекта на навакольнае асяроддзе.
Літва лічыць, што працэс экалагічнай ацэнкі ўздзеяння беларускай АЭС не з'яўляецца поўным. На думку літоўскага боку, афіцыйны Мінск дагэтуль не даў адказы, чаму для будаўніцтва абраная пляцоўка, размешчаная за 50 км ад Вільні.

У сваёй ноце МЗС сцвярджае, што Літва не згодная з заявамі Мінску "пра нібы завершаную Беларуссю працэдуру ацэнкі экалагічнага ўздзеяння будаўніцтва атамнай электрастанцыі і са сцвярджэннямі, быццам Літва не мае пярэчанняў супраць справаздачы пра экалагічнае ўздзеянне", перадае агенцтва BNS.

Нагадаем, у канцы лістапада старшыня камісіі па радыелагічнай абароне Беларусі Якаў Кенігсберг заявіў, што Літва не мае прэтэнзій да справаздачы пра ўздзеянне беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе.